Фільтраваць
Імёны
Падзеі
Помнікі
Рэгіён
Прадметы
Установы
Спадчына: Кобрынскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях

Пачаткам існавання пажарнай службы ў г. Кобрыне з’явіліся 1820-я гг., калі быў пабудаваны пажарны амбар. У 1869 г. пажарная ахова Кобрына была ўкамплектавана 4 пажарнымі помпамі, 8 бочкамі, 10 вёдрамі, 4 лесвіцамі, 8 сякерамі. Функцыю пажарных выконвалі мясцовыя паліцейскія ў колькасці 10 чалавек.

У тыя часы драўляныя пабудовы Кобрына часта гарэлі, прыносячы значныя страты гараджанам. Так,у 1847 г. у цэнтры горада пажарам знішчаны дзясяткі дамоў, не пашкадавала полымя і культавыя збудаванні; 5 мая 1895 г. падчас пажару згарэла два кварталы жылых дамоў, знішчыўшы 310 дамоў. У канцы XIX ст. пажары за два гады знішчылі 548 дамоў. Усё гэта прымусіла кабрынчан хадайнічаць аб стварэнні пажарнай аховы. Быў нават распрацаваны статут «Вольнага пажарнага таварыства», які накіравалі у Вільню на зацвярджэнне генерал-губернатару, але прыйшла адмоўная рэзалюцыя. Апошні буйны пажар у горадзе прыпадае на жнівень 1915 г., калі горад быў заняты германскімі войскамі. Згарэлі сотні пабудоў, гандлёвыя рады і будынак вакзала.